Мой край, мой лёс - мая Айчына

Суботні дзень 16.04.2022 па ініцыятыве бацькоў і пры падтрымцы настаўнікаў вырашана было прысвяціць сумеснаму з дзецьмі наведванню Мірскага замка, адной з найважнейшых каштоўнасцяў Беларусі. З самага ранку нашы юныя турысты разам з дарослымітрапілі да сцен гэтага славутага сведкі гісторыі, і нават не надта цёплае надвор’е не перашкодзіла ім агледзець ваколіцы замка.Уражаныя велічнасцю збудаванняў і захопленыя легендамі пра іх, якія нагадала дзецям настаўнік гісторыі, дзеці з нецярплівасцю накіраваліся ў вестыбюль замка, дзе іх ужо чакаў экскурсавод.

Падчас экскурсііюнакі і дзяўчаты атрымалі магчымасць агледзець увесь замак, пачынаючы з падвальных памяшканняў і заканчваючы абарончымі вежамі, куды нават не ўсе дарослыя змаглі падняцца з-за высокіх і нязручных прыступак каменных лабірынтаў. Але ці магло гэта спыніць нашых маленькіх даследчыкаў?!

Перш чым распавесці юным наведвальнікам пра гісторыю Мірскага замка экскурсавод засяродзіла іх ўвагу на тым, што гэта не адзінае такое збудаванне.У асобным памяшканні замка былі размешчаны выдатна зробленыя, паменшаныя ў дзесяткі разоў копіі ўсіх старадаўніх замкаў Беларусі, якія адыгралі значную ролю ў гісторыі краіны. Каля гэтых макетаў дзеці затрымаліся надоўга – пэўна, планавалі наступныя паездкі!

Наступныя экспазіцыі былі прысвечаны ўладальнікам Мірскага замка. Акрамя падрабязнага аповеду пра гэтых неардынарных людзей, кожны з якіх уносіў у знешні выгляд замка нешта сваё, экскурсавод звярнула ўвагу рабят на тое, што гэты  волатшматперажыў: Паўночную вайну, падзел Рэчы Паспалітай, нашэсце Напалеона. Не абмінулі яго падзеі Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны.Экспанаты музейных выстаў дазволілі дзецям быццам бы перанесціся ў часе і на свае вочы пабачыць як слаўныя, так і горкія старонкі жыцця яго насельнікаў:будаўніцтва замка Ільінічамі, паляванне на тураў, шыкоўныя балы і прыёмы Радзівілаў, пакуты яўрэяў і савецкіх ваенапалонных, гаротнае існаванне мясцовага насельніцтва ў пасляваенны час. Напрыканцы гэтага змястоўнага аповеду дзеці загадалі свае самыя запаветныя жаданні, дакрануўшыся да фрагмента сцяны, якая была збудавана ў самым пачатку ўзвядзення Мірскага замка.

         Пасля завяршэння экскурсіі нашы юныя турысты, іх бацькі і настаўнікі размеркаваліся на дзве групы для ўдзелу ў музейных занятках. Дзеці і дарослыя з першай групы, аглядаючы рэканструяваныя кухонныя памяшканні замка, даследвалі рэцэпт “святочнай стравы” для князя, выконваючы пры гэтым розныя практычныя заданні: здрабнялі ў ступцы спецыі, успамінаючы іх пах і смак,вымяралі неабходную колькасць прадуктаў згодна з рэцэптам.

Другая група была занята каардынальна іншай справай: іх увага была засяроджана на асаблівасцях арганізацыі войска і вайсковай справыў XVI ст.Яны даведалісяпра склад паспалітага рушэння – войска Вялікага Княства Літоўскага. Музейны супрацоўнік не толькі пазнаёміў дзяцей з рознымі відамі ахоўнага ўзбраення, але і навучыўапранаць даспехі, трымаць меч і шчыт.

У рэшце рэшт наша маленькае падарожжа падышло да свайго лагічнага завяршэння. Напоўненыя незабыўнымі ўражаннямі, дзеці разважалі, куды яшчэ можна здзейсніць падобную паездку. Бацькі і настаўнікі ўсміхаліся і згаджаліся са сваімі непаседамі, бо час ад часу трэба адкласці ўсе справы дзеля такой добрай справы як выхаванне сапраўдных грамадзян Беларусі, што будуць ганарыцца сваёй гісторыяй і яе слаўнымі набыткамі.

10 лістапада 2021 года адбылася мая паездка ў Навагрудак. Гэты горад мне вельмі спадабаўся,  і ён для мяне не проста звычайная кропачка на карце Беларусі.

         Горад выглядае вельмі прыгожа. У ім ёсць як вельмі старыя будынкі, так і новыя. Першыя хвіліны я нават лічыў, што трапіў у Прагу ці ў Парыж. Але мноства элементаў менавіта беларускай культуры пераканалі мяне: Навагрудак – гэта беларускі горад. Фасады будынкаў  уразілі мяне сваёй прыгажосцю. У іх можна пабачыць элементы готыкі і барока. У горадзе шмат розных славутых мясцін, якія здзіўляюць турыстаў і простых жыхароў нашай краіны.

         Можна лічыць, што гісторыя горада пачынаецца як мінімум з X стагоддзя. Навагрудак – першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага. І гэты факт сведчыць пра тое, што нават тады ён быў развітым і багатым горадам. У ім быў пабудаваны Навагрудскі замак і Фарны касцёл. Пры Вітаўце сюды былі завезены татары, якія дапамаглі спыніць двухсотгадовую агрэсію Тэўтонскага ордэна і потым асіміляваліся з мясцовым насельніцтвам. 26 ліпеня 1511 года горад атрымаў Магдэбургскае права, якое гарантавала гараджанам пэўную свабоду эканамічанай дзейнасці.Пад час Вялікай Айчыннай вайны нацыстамі былі зруйнаваны многія старажытныя будынкі, а над габрэямі праводзіліся паказальныя пакаранні: іх вымушалі працаваць на захопнікаў. Пасля вайны горад пачалі аднаўляць. І зараз таксама вядзецца праца над рэстаўрацыяй старажытных будынкаў.

         Навагрудак мне вельмі спадабаўся. Яго архітэктура запамінаецца сваёй своеасаблівай прыгажосцю, а гісторыя надзвычай цікавая і незвычайная. Я лічу, што гэты горад з’яўляецца адным з цэнтраў беларускай культуры і гісторыі. Мне вельмі хацелася бы прыехаць у Навагрудакяшчэ раз: пахадзіць па вуліцах, перанесціся ў думках у яго слаўнае мінулае, адчуць подых тых падзей, што былі раней мне вядомы толькі з урокаў гісторыі.

Бараноўскі Стэфан, вучань 7 класа

29 верасня дзеці і настаўнікі нашай школы накіраваліся ў Альбуць –філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Малодшыя школьнікі нашай школы атрымалі цудоўную магчымасць дакрануцца сваім сэрцам да незабыўных малюнкаў дзяцінства і юнацкіх гадоў маленькага Костуся, вядомага на ўвесь свет як Якуб Колас. Засяродзіўшыся на яскравым аповедзе экскурсавода, дзеці зразумелі вытокі яго таленту. Асабліва ўразіла рабят экспазіцыя па матывах аўтабіяграфічнай паэмы “Новая зямля”.

         Усё пачутае і ўбачанае дзецьмі безумоўна паспрыяла не толькі іх бліжэйшаму знаёмству з жыццём і творчасцю песняра зямлі беларускай, але і духоўнаму развіццю маленькіх грамадзян.

Выхаванцы летніка “Мара” 7 жніўня наведалі музей-сядзібу “Дзяржынава”. Рабяты пазнаёміліся з экспазіцыяй музея, якая расказвае пра жыццё і дзейнасць Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага, прайшліся па тэрыторыі  сядзібы, убачылі 49 камянёў-валуноў, якія сімвалізуюць гады, пражытыя дзяржаўным дзеячам, часткова захаваныя падмуркі пабудоў, што некалі стаялі тут. Асаблівую цікавасць у выхаванцаў выклікаў той факт, што ў музеі прымаюць прысягу выпускнікі Акадэміі МУС і атрымліваюць званні новыя супрацоўнікі КДБ.

Наступнае падарожжа выхаванцы летніка “Экспрэс здароўя” здзейснілі ў старажытны Нясвіж. У межах дня духоўнасці наведалі праваслаўныя храмы: Царкву Узнясення Гасподня і фарны Касцёл Божага Цела. Завіталі на ратушную плошчу і наведалі музей у ратушы. А дарога дамоў пераўтварылася ў сапраўдную прыгодніцкую вандроўку па экасцежцы “Чароўны свет Завітанскага лесу”.

Выхаванцы летніка “Экспрэс здароўя” здзейснілі захапляючае падарожжа ў сталіцу краіны горад Мінск, каб наведаць музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Поўныя ўражанняў ад пачутага і ўбачанага, навучэнцы вырашылі паўдзельнічаць у конкурсе фота- і відэасправаздач у межах рэспубліканскага экскурсійнага марафона “Дзіцячы аўтапоезд”.

Лета – найлепшая пара для штодзённых вандровак і далёкіх падарожжаў.

Сцяжынкамі роднага краю крочаць выхаванцы летніка “Вясёлка”, наведваюць вядомыя, ужо стаўшыя любімымі і дарагімі,  цікавыя куточкі роднай вёскі: царкву імя Іаана Прадцечы і помнік воінам-землякам,  загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, вішнявецкае возера і тутэйшы лясок, вытворчыя аб’екты ААТ “Вішнявецкі-агра”.

10 чэрвеня выхаванцы лагера наведалі мемарыяльны комплекс “Хатынь”, каб аддаць даніну павагі і памяці ахвярам Вялікай Айчыннай вайны.

Ужо другі раз наведваюць вучні нашай школы музей Якуба Коласа. Зараз іх мэтай стала мемарыяльная сядзіба ў Смольні, дзе ўпершыню сустрэліся класікі беларускай літаратуры Якуб Колас і Янка Купала.

Уважліва слухаючы экскурсавода, хлопцы і дзяўчаты згадалі многія моманты біяграфіі свайго славутага земляка, чаму безумоўна спрыяла магчымасць на свае вочы пабачыць безліч розных рэчаў, звязаных з побытам сям'і Міцкевічаў. Многія з прадметаў зроблены рукамі знакамітага дзядзькі Антося, якога з такой любоўю і пашанай апісваў у сваёй паэме “Новая зямля” наш пясняр: адмысловы абутак, куфэрак, разнастайныя кухонныя прылады для гаспадыні. На свае вочы пабачылі рабяты і кніжкі, якія прывозіў сам пісьменнік.

Такім чынам, дзеці з лёгкасцю змаглі ўявіць, як жылі ў тыя далёкія часы блізкія і  родныя Якуба Коласа, як яны рупліва працавалі і нават аб чым яны марылі.

Мой родны кут! Як ты мне мілы…

 

30 сакавіка 2021 года вучні школы наведалі з экскурсіяй мемарыяльную сядзібу Акінчыцы. Дзеці на свае вочы змаглі ўбачыць рэканструяваную сядзібу лесніка-каморніка з усімі адзнакамі таго часу, калі нарадзіўся славуты на ўвесь свет пісьменнік і паэт Якуб Колас.

Шумныя і нястрымныя ў іншы час, яны засяроджана слухалі экскурсавода, якая раскрыла перад імі ўсе таямніцы і дзіўныя гісторыі гэтых мясцін. Дзеці міжволі перанесліся ў тыя далёкія часы, калі ў нашым краі валадарылі князі Радзівілы – некаранаваныя цары Еўропы. Надзвычай цікавымі ім падаліся звесткі пра паходжанне назваў мясцін, дзе жыла ў свой час сям’я будучага песняра. Безумоўна, найбольшае ўражанне зрабіла на дзяцей простая сялянская хата з усім яе ўбранствам. Загадаўшы жаданне на валуне, што служыць прыступкай перад парогам, накіраваліся яны ўнутр. Красамоўны, з найбольшымі падрабязнасцямі аповед пра першыя гады маленькага Костуся і асаблівасці тагачаснага побыту дапамог дзецям уявіць тое сціплае, але напоўненае нейкім асаблівым сэнсам і надзвычайнай прыгажосцю сялянскае жыццё, якое гэтак  вобразна і маляўніча апісаў Якуб Колас у сваёй паэме «Новая зямля». Дарэчы, нашы вучні згадалі многія ўрыўкі з яе, чым вельмі ўсцешылі экскурсавода. Многія элементы інтэр’еру дзеці бачылі на свае вочы ўпершыню. Прасніца, маткі кужэльных і канапляных нітак, сувоі палатна, вытканы паясок-спавівач, дзежкі, кадзежка на рашчынку цеста, пасажная скрыня, лава, гаршкі, кубкі, драўляныя лыжкі – усё гэта выклікала ў дзяцей асаблівае замілаванне.

         Калі прыйшоў час ад’язджаць, дзеці адзінагалосна выказалі жаданне вярнуцца ў гэтую сядзібу яшчэ раз, а таксама наведаць іншыя мемарыяльныя сядзібы «Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа» ў Ластку, Альбуці, Смольні.

Ещё в этом разделе