2020 - ГОД МАЛОЙ РАДЗІМЫ

Зямля, дзе пачаўся твой лёс

На свеце многа прыгожых мясцін. Але кожнаму з нас здаецца, што нідзе няма такога хараства, якое ты ўбачыў упершыню яшчэ ў маленстве і якое зачаравала цябе назаўсёды.

На 15-м кіламетры аўтамагістралі Стоўбцы – Нясвіж знаходзіцца вёска Вішнявец. Яна раскінулася на ўскрайку лесу і не беразе невялікага возера. Гэта наша малая радзіма. Тут мы нарадзіліся і жывём. Тут жывуць нашы бацькі, сябры, аднакласнікі.

Нашы мясціны маюць даўнюю і багатую гісторыю. Хаця пранесліся над краем стагоддзі, але пісьмовыя крыніцы і памяць людская захавала для нашчадкаў мінулае дарагіх сэрцу мясцін.

Вёску Вішнявец у мінулым называлі Гавязной. Калі вы будзеце чытаць кнігу польскага класіка Уладзіслава Сыракомлі “Добрыя весці”, то сустрэнеце такія радкі: “Сярод ураджайных раўнінных палёў ляжыць мястэчка Гавезна з прыгожай мураванай царквою, з прасторнай драўлянай карчмой, з панскім маёнткам непадалёку і з некалькімі падуладнымі яму вёскамі. Гэта адна са старэйшых тут асад. У 1588 годзе Мікалай Крыштоф Радзівіл набыў яе ў слуцкага князя Яна Алелькавіча, а ў 1590 годзе перадаў з усімі сваімі навакольнымі вёскамі кляштару нясвіжскіх бенедыктынак, якія тут заснавалі ўніяцкую царкву”. Пазней яе перабудавалі ў праваслаўную і асвяцілі імем святога Іаана Прадцечы. Расказваюць, што калісьці на гэтым месцы з’явілася цудадзейная ікона Божай Маці. Называюць нават імёны прыгонных, якія першымі ўбачылі яе – Ганна і Тарэня. У гонар гэтай падзеі тут узвялі храм. На працягу ўсяго часу існавання ён ніколі не закрываўся. Працуе і цяпер. Калі ў 60-я гады спрабавалі разбурыць мясцовую царкву, людзі ляглі пад бульдозер і не далі зруйнаваць святыню.

Паходжанне назвы Гавязна звязваюць з тым, што калісьці жыхары паселішча былі людзьмі рэлігійнымі, якія захоўвалі хрысціянскія запаветы і спраўна адносіліся да выканання сваіх царкоўных абавязкаў. Таму і празвалі мястэчка Гавязною – ад слова “гавенне”, што азначае асобы малітоўны стан душы чалавека.

Царква засталася, вёска існуе, а гістарычная назва “Гавязна” знікла. Знікла ў 1964 годзе, як і назвы соцен беларускіх вёсак. 

Мы жывём у Вішняўцы, але калі пытанне датычыцца нашай гісторыі, культуры, то заўсёды звяртаемся да старажытных пісьмовых крыніц, да назвы мястэчка Гавязна, да памяці сваіх продкаў, да традыцыйі абрадаў.

На працягу ХIX – пачатку XX стагоддзяў Гавязна славілася правядзеннем фэсту, які адбываўся ў дні царкоўнага свята Яна. У гэты дзень штогод у мястэчку людзі збіраліся на кірмаш. Традыцыя Святаянаўскіх кірмашоў трымалася прыкладна да сярэдіны 60-х гадоў мінулага стагоддзя, што рабіла мястэчка адметным і папулярным. Старажылы расказваюць, што на фэст з’язджалася столькі люду, што ў цэнтры, асабліва вакол царквы, не было дзе яблыку ўпасці. З фурманак, на якіх дастаўляўся розны тавар з далёкіх і блізкіх вёсак, з мястэчкаў і гарадоў, ішоў бойкі гандаль. Прадаваліся таксама цукеркі, пернікі, рознае печыва. І для дзяцей фэст “на Яна” быў, мо, самым жаданым і доўгачаканым. Мясцовыя жыхары запрашалі ў госці сваіх родных і блізкіх, сяброў і знаёмых. Кожная сям’я рыхтавалася да гэтага свята: прыбіралі хаты, двары, вуліцы. На вечар моладзь кожнай вёскі наймала музыкаў.

За апошнія дзесяцігоддзі фэставая традыцыя згасла. Тут даўно ўжо не чуваць кірмашовага тлуму і весялосці. Паменшала прыхаджан-вернікаў. Аднак гэта не значыць, што традыцыя адышла назусім і ніколі больш не вернецца.

У 50 - я гады Гавязнянскаму СДК першаму на Стаўбцошчыне ўдалося адрадзіць абрад святкавання Купалля. З таго часу кожны год у нас загараецца ачышчальнае купальскае вогнішча і збірае шмат народу.

Ёсць у вёсцы святое для ўсіх жыхароў месца. На вуліцы Школьнай узвышаецца велічны помнік загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Аўтар яго – скульптар А. Бачкароў. На пастаменце з граніту – фігура юнака і дзяўчыны, а над імі ўзляцеў увысь жураўліны клін. На бакавых плоскасцях – дошкі з імёнамі 57 воінаў-землякоў, што не вярнуліся з поля бою. Сярод іх – імёны нашых дзедаў і прадзедаў, які загінулі падчас ваеннага ліхалецця.

У наш час вёска разбудоўваецца, пракладваюцца новыя вуліцы. Тут ёсць школа, дзіцячы садзік “Ягадка”, амбулаторыя, Дом культуры.

Вішнявец – цэнтр сельскага Савета. Тут жывуць цікавыя людзі. Жыхары ганарацца сваімі землякамі – журналістам В. А. Дранчуком і паэтам І. А. Івашкам. Ганарацца аднавяскоўцамі, якія аддана працуюць на роднай зямлі.

Родная зямля – наш пачатак, нашы жыццёвыя карані. Дзе б ні быў чалавек, куды б ні закінуў лёс, заўсёды ў яго сэрцы будзе жыць родная мелодыя, як успамін аб той мясціне, што ўзгадавала і адпусціла ў дарогу.

Ещё в этом разделе