Мой край, мой лёс - мая Айчына

Мой родны кут! Як ты мне мілы…

 

30 сакавіка 2021 года вучні школы наведалі з экскурсіяй мемарыяльную сядзібу Акінчыцы. Дзеці на свае вочы змаглі ўбачыць рэканструяваную сядзібу лесніка-каморніка з усімі адзнакамі таго часу, калі нарадзіўся славуты на ўвесь свет пісьменнік і паэт Якуб Колас.

Шумныя і нястрымныя ў іншы час, яны засяроджана слухалі экскурсавода, якая раскрыла перад імі ўсе таямніцы і дзіўныя гісторыі гэтых мясцін. Дзеці міжволі перанесліся ў тыя далёкія часы, калі ў нашым краі валадарылі князі Радзівілы – некаранаваныя цары Еўропы. Надзвычай цікавымі ім падаліся звесткі пра паходжанне назваў мясцін, дзе жыла ў свой час сям’я будучага песняра. Безумоўна, найбольшае ўражанне зрабіла на дзяцей простая сялянская хата з усім яе ўбранствам. Загадаўшы жаданне на валуне, што служыць прыступкай перад парогам, накіраваліся яны ўнутр. Красамоўны, з найбольшымі падрабязнасцямі аповед пра першыя гады маленькага Костуся і асаблівасці тагачаснага побыту дапамог дзецям уявіць тое сціплае, але напоўненае нейкім асаблівым сэнсам і надзвычайнай прыгажосцю сялянскае жыццё, якое гэтак  вобразна і маляўніча апісаў Якуб Колас у сваёй паэме «Новая зямля». Дарэчы, нашы вучні згадалі многія ўрыўкі з яе, чым вельмі ўсцешылі экскурсавода. Многія элементы інтэр’еру дзеці бачылі на свае вочы ўпершыню. Прасніца, маткі кужэльных і канапляных нітак, сувоі палатна, вытканы паясок-спавівач, дзежкі, кадзежка на рашчынку цеста, пасажная скрыня, лава, гаршкі, кубкі, драўляныя лыжкі – усё гэта выклікала ў дзяцей асаблівае замілаванне.

         Калі прыйшоў час ад’язджаць, дзеці адзінагалосна выказалі жаданне вярнуцца ў гэтую сядзібу яшчэ раз, а таксама наведаць іншыя мемарыяльныя сядзібы «Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа» ў Ластку, Альбуці, Смольні.

Ещё в этом разделе